Сумесная дэкларацыя ўлад і беларускай дыяспары горада Лодзі 26/05/21

Канфэрэнцыя прасова 26 мая 2021.


Асьвядчэньне мэра горада Лодзі Ханны Зданоўскай.

Шаноўнае спадарства,

Лодзь заўсёды была прыязным горадам, Абяцаную Зямлю будавалі людзі, якія прыяжджалі не толькі з краінаў Еўропы, а таксама з цэлага сьвету. Некаторыя з іх уцякалі ад рэпрэсій і перасьледу, шмат асобаў пачыналі ў нашым горадзе новае жыцьцё.

Таму ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі, з паглыбленьнем рэпрэсій таталітарнага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі, я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў: запрашаем і чакаем Вас, у Лодзі Вы будзеце на волі і ў бясьпецы.

Лодзь – гэта горад свабоды, шансаў і новых мажлівасьцяў. У Лодзі ёсць праца, прыязныя кошты жыцьця, а галоўнае – крэатыўная атмасфера, якая здольная зацікавіць Вас.

Запрашаем Вас.

Заставайцеся ў нас даўжэй альбо прыяжджайце паспрабаваць, перачакаць гэты складаны час. У Лодзі жыве ўжо больша за 50 000 нашых суседзяў з Усходу, спадзяюся, што Вам таксама ў нас спадабаецца, і адчуеце сябе, як дома.

Адам Пустэльнік, віцэ-мэр горада Лодзі.

— Запрашаем да нас беларускія прадпрыемствы. Мы прапаноўваем офісныя памяшканьні, а працаўнікі дзяржаўных устаноў дапамогуць з фармальнасьцямі, так як дапамагаюць лодзьскім, польскім і замежным прадпрыемствам.

— Не застанецеся ў адзіноце, беларускія фірмы ўжо пераносяць сваю дзейнасьць у Лодзь. У мінулым месяцы мы віталі ў нашым горадзе фірму Godel Technologies. Спадзяюся, што ўсьлед за імі ў нашым горадзе з’явяцца наступныя прадпрыемствы. І наступныя працаўнікі.

— Хачу ўзгадаць, што Адміністрацыя горада Лодзі прыгатавала спецыяльныя інфармацыйныя бюлетэні для іншакраёўцаў, якія пастановяць застацца ў Лодзі. Такія дапаможнікі як “Першыя крокі”, “Вучыся ў Лодзі” ці “Заставайся ў Лодзі”, з’яўляюцца крыніцай ведаў пра абавязковыя нормы права, аховы здароўя, адукацыі, а таксама іншых асьпектаў працы і жыцьця ў горадзе.

— Колькасьць асобаў, якія прыяжджаюць да Лодзі, расьце штогод. Пераважна гэта носьбіты ўкраінскай і рускай мовы, але значную частку складаюць таксама грамадзяне іншых краін. Згодна з статыстычнымі дадзенымі, на сталай аснове ў Лодзі знаходзяцца каля 50 000 асобаў з Беларусі і Украіны, дадаткова у дадзеным акадэмічным годзе ў лодзкіх навучальных установах зарэгістравана каля 2000 студэнтаў з Беларусі і Украіны.

— Улады горада плануюць стварэньне курсаў польскай мовы, а таксама распрацоўку інтэграцыйнага пакету. За гэта будуць адказваць пазаўрадавыя ўстановы. Мы зацікаўленыя таксама ў супрацоўніцтве з арганізацыямі, якія могуць падрыхтаваць рэкламныя кампаніі за мяжой для лодзкіх навучальных устаноў, асабліва з увагай на Беларусь і Украіну. Запрашаем Вас да Лодзі. Жывіце, працуйце, стварайце сем’і, заставайцеся.

Ігар Юрчык, старшыня фонду «Беларусы ў Лодзі».

Хачу выказаць шчырыя словы падзякі за дапамогу і падтрымку, ўсім неабыякавым палякам, якія не пакінулі нас у гэтую цяжкую для беларусаў хвіліну. За апошні год польскі ўрад выдаў больш за 100 000 візаў для беларусаў, увёў і спрасьціў атрыманьне гуманітарных візаў для рэпрэсаваных, даў ім доступ да рынку працы. Зноў пачала працу праграма Каліноўскага, якая дазваляе рэпрэсаваным беларусам і далей атрымліваць вышэйшую адукацыю на тэрыторыі Польшчы. Мы адчуваем падтрымку мясцовых уладаў, бізнесу, няўрадавых арганізацый і простых неабыякавых грамадзян. Галоўнае, нашы людзі зноў адчуваюць сябе ў бясьпецы, могуць далей спакойна жыць, працаваць, вучыцца. Дзякуючы падтрымцы мясцовай супольнасьці г. Лодзь у абшчыны беларусаў у хуткім часе з’явіцца свой дом — Беларускі Цэнтр у Лодзі, на базе якога будзе арганізавана сістэматычная работа па дапамозе і інтэграцыі для беларусаў.

У цесным супрацоўніцтве мы будзем і далей разам расьці і разьвівацца, будзем імкнуцца да таго, каб ні адзін беларус ня быў забыты і не заставаўся сам-насам са сваімі праблемамі.

Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, як ніколі нагадвае ваеннае становішча. Нелегітімны рэжым, які цалкам узурпаваў уладу, абсурдным гвалтам трымае ў страху свой народ, каторы хоча жыць у новай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі. Больш за 10 пацьверджаных сьмерцяў, больш за сотню зьніклых без вестак, больш за 400 палітычных зьняволеных і яшчэ тысячы, якія па надуманых падставах у турме. Рэжыму мала крыві актывістаў, усё часьцей мы чуем пра перасьлед іх блізкіх і родных. Усё больш беларусаў вымушаны ў сьпешцы пакідаць сваю радзіму і станавіцца бежанцамі.

Бязьмежжа, якое творыцца ў Беларусі, закранула і палякаў. Некалькі зьбітых грамадзян Польшчы ў жніўні 2020, у турме знаходзяцца лідэры дыяспары палякаў у Беларусі (Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут), прыгнятаюцца польскія школы і арганізацыі, высылка консулаў. А цяпер рэжым Лукашэнкі зьдзейсніў міжнародны тэрарыстычны акт, з дапамогай зьнішчальніка прымусіўшы прызямліцца ў Мінску ўнутраны авіярэйс ЕС і выкраўшы з яго чалавека, які запытаў палітычны прытулак у Польшчы, а таксама ўзяў у закладнікі яго дзяўчыну.

Мы не будзем маўчаць і просім Польшчу і краіны ЕС аб ​​вострым рэагаваньні! Неабходна, нарэшце, прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным і ўвесьці жорсткія санкцыі, якія адчувальна ўдараць па фінансаваньні гэтага бязьмежжа і беззаконьня, і змогуць рэальна дапамагчы ў справе вызваленьня Беларусі ад таталітарызму.

This article was written by admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *